19 сакавіка ў госці да чытачоў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя
М.Астроўскага завітала таленавітая беларуская пісьменніца
Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Спадарыня Кацярына распавяла вучням 2“Б” і 4“В”
мінскай школы №67 пра шчаслівую падзею ў сваім жыцці. Справа ў тым, што ў
Выдавецкім доме “Звязда” выйшла яе
новая кніга "Вухуцік. Васільвася",
з якой пачынаецца асобная серыя "Казкі Кніжнай феі". Ад назвы да
формы кніга атрымалася незвычайнай. Адна частка – для чытачоў-хлопчыкаў, другая
– для дзяўчынак. Гэта два ўваходы ў адну кнігу, а пасярэдзіне чытачоў чакае
прыемны сюрпрыз...“вандрульня” (вандроўка і гульня). Выдатныя ілюстрацыі, якія робяць кнігу
арыгінальнай, стварыла цудоўная мастачка Вераніка Лемешава.
Насычаная прыемнымі ўражаннямі вясёлая і пазітыўная сустрэча дала
магчымасць дзецям паслухаць урыўкі з кнігі, пагуляць, паказаць веданне
беларускай мовы, пазнаёміцца з лялькамі – героямі такіх добрых кніг
пісьменніцы, шчыра пасмяяцца і, нават, панаціскаць чароўныя кнопкі, каб трапіць
у сапраўдны касмічны партал. Яшчэ доўга маленькія чытачы не адпускалі
пісьменніцу, задавалі пытанні, бралі аўтографы і фатаграфаваліся.
Выказваем падзяку спадарыне Кацярыне за цудоўнае мерапрыемства, любоў да
беларускай мовы і высокі прафесіяналізм у рабоце з дзецьмі.Ад шчырага сэрца
жадаем рэалізацыі ўсіх задуманых творчых планаў і з нецярпеннем чакаем новых
сустрэч!
Комментариев нет:
Отправить комментарий