4-ага сакавіка 2016 года ў Цэнтральнай дзіцячай
бібліятэцы імя М. Астроўскага г. Мінска адбылося адкрыццё чарговай фотавыставы
“Эпоха Агінскага: аднаўленне памяці” вядомага мінскага фотамастака Міхася
Крыжаноўскага.
Папярэднія пяць выстаў адбыліся ў мінулым годзе, годзе
20-гадовага юбілею М. К. Агінскага, у Залессі, Мінску, Вілейцы, у Мінскім
абласным драматычным тэатры г. Маладзечна і ў канцы года — зноў у Мінску ў
галерэі акадэміі мастацтваў. Дадзены факт сведчыць аб тым, што кіраўніцтва
Акадэміі мастацтваў на чале з рэктарам Баразной Міхаілам Рыгоравічам звярнула
ўвагу на творчасць Міхася Крыжаноўскага і прызнала яго ўжо як сапраўднага фотамастака, які з’яўляецца ўдзельнікам
міжнародных і гарадскіх выстаў і конкурсаў, удзельнічае ў
дабрачынных акцыях. У свой час аўтар фотавыставы
арганізоўваў гаспадарча-разліковыя ўчасткі і дробныя прадпры-емствы. З’яўляецца
членам Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў. Усе пералічаныя выставы
прайшлі са значным творчым поспехам.
Бягучы год аб’яўлены годам культуры, у пачатку якога
Міхась Крыжаноўскі выстаўляўся ў мінскай гарадской бібліятэцы імя Я. Купалы — і вось
ужо ў сёмы раз ён радуе прыхільнікаў сваёй творчасці абноўленай экспазіцыяй. На
сустрэчу з ім прыйшлі краўнікі гарадскіх бібліятэк, вучні 7-ых класаў СШ №145
г. Мінска, а таксама вядомыя сучасныя паэты, перакладчыкі і дзеячы культуры.
Выставу адкрыла загадчыца Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі
Вольга Мікуліч, якая ў сваёй кароткай прамове прадставіла прысутным фотамастака
чарговай выставы Міхася Крыжаноўскага. І вось на апошнім слове яе кароткай
прамовы па ўсёй зале разліліся чароўныя гукі ля-мінорнага паланэза Агінскага ў
выкананні дуэта скрыпачак “Экспромт” СШ №145. Затым было дадзена слова вядомаму
пісьменніку, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў
Беларусі Міхасю Пазнякову, які адзначыў, што наш фотамастак своечасова
звярнуўся ў сваім творчым праекце да асобы М. К. Агінскага, каб на самай справе
аднавіць памяць нашых суайчыннікаў пра нашага славутага земляка, віднага
палітычнага дзеяча і таленавітага кампазітара. Далей ён падкрэсліў, што
фотамастак імкнецца адлюстроўваць на сваіх фатаграфіях усе знакавыя падзеі ў
Беларусі, і гэта яму з поспехам ўдаецца. Закончыў ён сваё выступленне вершам
“На вуліцах Варшавы”, які прысвечаны М. К. Агінскаму.
Акрамя Міхася Пазнякова выступалі яшчэ і жанчыны-паэткі з дэкламацыяй
сваіх твораў. Так, напрыклад, Таіса Трафімава, вядомая паэтка-песенніца,
перакладчыца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі прачытала свае вершы, створаныя
ў час наведвання Гузава пад Варшавай, дзе нарадзіўся М. К. Агінскі, якія
прагучалі ў яе выкананні так кранальна і замілавальна. Не менш хвалююча
яна прачытала і свой верш, напісаны пад уражаннем наведвання Фларэнцыі —
апошняга прытулку М. К. Агінскага:
Мая Фларэнцыя, —
Спачын Агінскага…
Ты мне далёкая,
Ты мне і блізкая.
Паэтычныя нумары змяняліся музычнымі ў выкананні дуэта
скрыпачак СШ №145 з музычным ухілам. Творы-паланэзы М. К. Агінскага ў іх
інтэрпрэтацыі даставілі ўсім прысутным сапраўдную радасць і асалоду. Другой
жанчынай-паэткай выступіла Ганна Мартынчык, аўтар зборнікаў вершаў “Лірыка”,
2015 г. і “Прад…чуванне”, 2015 г. Яна пазнаёміла прысутных і гасцей вечарыны са
сваёй паэзіяй, за што шматлікая аўдыторыя была ёй вельмі ўдзячна.
У заключэнне выступіў перакладчык і выкладчык германскіх
моваў, краязнавец і пазаштатны журналіст Ермаловіч Васіль, які засяродзіў увагу
зацікаўленых слухачоў на тым факце, што фотамастак Міхась Крыжаноўскі
вызначаецца ў сваёй працы актыўнай і творчай энергіяй і няўрымлівым характарам.
Калі ў мінулым годзе нашага фотамастака натхняла на
творчасць музыка М. К. Агінскага, то ў бягучым 2016 годзе
на яго творчы настрой будуць аказваць самы непасрэднны ўплыў нашы беларускія
сучаснікі-паэты, дзеячы культуры і ў першую чаргу нашы родныя класікі — паэты
Янка Купала і Якуб Колас сваімі “мілымі вобразамі роднага краю” і купалаўскай
падзякай свайму народу “за кут у родным краі, за хлеб-соль без клапот”.
Апошнім акордам вечарыны прагучала пажаданне фотамастаку
заставацца ў будучым адным з тых фотамайстраў, якія маглі б дапамагаць здольным
маладым пачаткоўцам, а ні ў якім разе не канкураваць з імі.
Вялікіх Табе творчых поспехаў і новых праектаў у Тваёй
нястомнай фатаграфічнай дзейнасці!
У добры час, дарагі наш дружа Міхась!
Васіль Ермаловіч, краязнавец,
перакладчык і выкладчык
германскіх моваў
Комментариев нет:
Отправить комментарий