Зноў чацверг, а гэта значыць, што сёння мы размаўляем
па-беларуску. Да нас завіталі вучні СШ №67, каб пазнаёміцца з лепшымі кнігамі
на беларускай мове.
Сустракайце! "Пакатун і Паляжун. Гісторыі з
жыцця" Брыгіты Шэр (пераклад з
нямецкай мовы Ірыны Герасімовіч)! Дзве
казачныя істоты, а можа і неказачныя… Два сябра, якія так падобны на цябе і на
мяне, на яго і на яе… Два сусветы, такія далёкія і розныя, але такія родныя і блізкія.
Яны жывуць, мараць, спрачаюцца, мірацца, вандруюць, разыходзяцца… і зноў
сустракаюцца. Бо разам цемра не такая страшная, возера не такое глыбокае, і ў
самы халодны дзень сябар сагрэе твае рукі і тваё сэрца.
Разам з героямі маленькія
чытачы разважалі над сур’ёзнымі пытаннямі: што такое сяброўства і які сябар
сапраўдны. Мы баялі адзін аднаму байкі і гулялі ў перакладчыкаў. А яшчэ
ўдзельнічалі ў самых сапраўдных сцэнічных чытаннях.
Сустрэча прайшла незаўважна.
Але за гэты час мы, спадзяюся, пасталелі, сталі дабрэй і мудрэй. Усе актыўныя
ўдзельнікі чытанняў атрымалі прыемныя сувеніры. Да новых сустрэч!
Чакаем Вас на нашы беларускія
чацвяргі! Прыходзьце, будзе цікава!
Комментариев нет:
Отправить комментарий