5 красавіка ў Цэнтральнай дзяцячай бібліятэцы адбылася ўнікальная сутрэча.
Сваю кнігу “Прыгоды Васількі з Брачыслаўля” прадставіў гісторык, археолаг,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Плавінскі.
Зацікавіць дзяцей гісторыяй роднага краю – справа не з самых лёгкіх. Спадар
Мікалай у сваёй кнізе пра сімпатычнага хлопчыка з Сярэднявечча цікава і
захапляльна расказаў пра мінуўшчыну. Вось чаму кніга захоплівае ўвагу
літаральна з першай старонкі. Аўтар паспрабаваў уявіць (вядома, на аснове
гістарычных ведаў), як на нашых землях у Сярэднявеччы адбывалася навучанне
вайсковай справе, як дзеці бавілі час у сям’і і з сябрамі. Таму, безумоўна,
Васілька стане выдатным сябрам сучасным хлопчыкам і дзяўчаткам.
Мікалай Аляксандравіч цікава расказаў пра гісторыю Беларусі ХI стагоддзя і гістарычных асоб таго часу. Рэканструктар
Юрый Усціновіч прадэманстраваў старажытную зброю ХI-XVII
стагоддзя і да вялікай радасці прысутных дзяцей (школьнікі сярэдняй школы №154
і мінскай гімназіі №12) паказаў, як ёю валодае. А кіраўнік музычнага гурта
“Літы Талер” Дзяніс Шматко захапіў без выключэння ўсіх прысутных чароўнай
музыкай на дудзе і гуслях.
Самыя кемлівыя дзеці, якія задавалі цікавыя пытанні, не толькі
паўдзельнічалі ў конкурсах, але і атрымалі добрыя падарункі.
Вялікі дзякуй нашым гасцям за незвычайную гадзіну і спадзяемся на новыя
сустрэчы!
Комментариев нет:
Отправить комментарий