Чытанні дзіцячай нардычнай літаратуры
14 лістапада ў Цэнтральнай
дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага пры падтрымцы Цэнтра шведскіх даследаванняў і Савета міністраў Паўночных краін
адбылася прэзентацыя праекта “Тыдзень літаратур Паўночных краін”.
Уступнае слова ўзяла пасол
Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан, якая расказала вучням 4А і 4Б класаў мінскай школы № 67 пра тое, што пасольства
даўно і актыўна супрацоўнічае з Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкай. Крысціна
Юханесан падзякавала перакладчыцу Надзею Кандрусевіч за цудоўныя пераклады
шведскіх кніг на беларускую мову, а таксама выказала сваю ўпэўненасць у тым, “…
што кнігі будуць жыць вельмі доўга”. Пасол Швецыі шчыра расказала пра тое, што
яе асабістыя дзеці вельмі любяць чытаць кнігі з серыі пра Пэтсана і Фіндуса
знакамітага шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста.
Спадабаўся дзецям герой Суперлось у выкананні Ангеліны Юрковай,
супрацоўніцы цэнтра, які размаўляў па-шведскі, а пасля ўжо па-беларуску прапанаваў
ім віктарыну, прысвечаную Паўночным краінам і літаратуры Паўночных краін. Вучні
школы паказалі свае “суперведы” і правільна адказалі на ўсе пытанні.
Тыдзень літаратуры краін Паўночнай Еўропы праводзіцца
штогод у форме чытанняў услых абраных кніг. Усе кнігі адлюстроўваюць тэму
бягучага года, іх абіраюць у адпаведнасці з трыма мэтавымі групамі. Тэма 2018 года – “Героі ў краінах Паўночнай
Еўропы”. У гэтым годзе папулярная кніга «Даведнік супергерояў» была абраная ў “якасці
дзіцячай кнігі”. Яна напісана шведскай парай, Эліясам і Агнэс Волунд, і
падыходзіць для слухачоў ва ўзросце 5-11 гадоў. Перад чытаннем урыўка твора пра супердзяўчынку нашы
госці правялі кароткую гутарку з дзецьмі, каб патлумачыць значэнні некаторых
складаных слоў з тэксту на беларускай мове. Пасля дзяўчынкі і хлопчыкі вельмі ўважліва праслухалі ўрывак з
кнігі “Даведнік супергерояў” і без цяжкасці адказалі на ўсе пытанні па
прачытанным творы.
Напрыканцы нашай яскравай сустрэчы ўсіх
дзяцей чакалі падарункі і салодкі стол з цукеркамі,
печывам і сокам.
У рамках Тыдня літаратур Паўночных
краін у Беларусі з вялікім задавальненнем усе прысутныя пазнаёміліся з выставай Шведскай акадэміі дзіцячай кнігі “Ура дзіцячай кнізе! 17 прычын чытаць дзіцячыя кнігі”, арганізаванай пры падтрымцы Швецыі ў Беларусі і Шведскага інстытута,
якая ўтульна размясцілася ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы.
Таксама ўсе прысутныя маглі пазнаёміцца з
выставай кніг скандынаўскіх пісьменнікаў, падрыхтаванай супрацоўнікамі
малодшага абанемента.
Пасля мерапрыемства настаўнікі казалі
словы падзякі арганізатарам і гасцям свята, а дзеці яшчэ доўга дзяліліся сваімі
ўражаннямі.
Комментариев нет:
Отправить комментарий