Дорогие друзья!

Дорогие друзья!







Мы рады приветствовать вас в нашем блоге, который адресован всем, кто неравнодушен к чтению и книгам. Мы приглашаем детей, пап и мам, бабушек и дедушек, педагогов и своих коллег, а также всех, кому придётся по душе наша библиотека, познакомиться с нашей работой и открыть для себя много нового, увлекательного и полезного. Надеемся, что наше общение будет разносторонним и интересным.







Присоединяйтесь к нам! Давайте отправимся в плавание по морю информации вместе!



пятница, 30 декабря 2011 г.

Літаратурнае рандэву з Максімам Багдановічам

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
І сказаць:
«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі i звадкі, боль i горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім да зор?»


       Аб гэтым вершы кажуць, што кожны чытае яго па-свойму: дзіця вымаўляе як заклінанне,  выказваючы запаветную мару хаця б раз ў жыцці сустрэцца з сапраўдным чараўніком; юнак звяртаецца да каханай дзяўчыны, а сталы чалавек - да найвышэйшай сілы, якая кожнаму з нас дае адзіную магчымасць з’явіцца і пакінуць свой след на зямлі.
       Мы ж таксама прачыталі яго на свой лад: вялікі дзякуй і паклон Вам, Максім, за тое, што нам пашчасціла спаткацца з Вамі, з Вашымі шчымліва-шчырымі вершамі, глыбокім роздумам аб чалавечым жыцці, з Вашай вечнай, чыстай любоўю да беларускага краю.
       З 28 лістапада па 3 снежня ў Цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы гучала слова Максіма. У першы ж дзень святочнага тыдня цудоўна было назіраць, як дзяўчаты-супрацоўніцы ў беларускіх нацыянальных касцюмах віталі гасцей у фае бібліятэкі. “Беларусачкі”  тлумачылі, з якой нагоды бібліятэка выглядае асабліва ўрачыста, дарылі наведвальнікам тэматычныя закладкі і запрашалі стаць удзельнікамі Свята Максімавай паэзіі.
       Дарэчы, нацыянальнае адзенне нашым прыгажуням  (у адной – сапраўдная каса да поясу) было надта да твару. Так і хацелася сказаць: “Нашы ж вы беларусачкі!” Нездарма і чулі гэта ад наведвальнікаў бібліятэкі.
       У зале старэйшага абанементу працавала выстава “Зорная постаць”,  прысвечаная жыццёваму і творчаму шляху паэта, каля якой на працягу тыдня затрымліваліся чытачы, цікавіліся, гарталі, бралі кнігі, распытвалі  бібліятэкараў…
       Але галоўныя падзеі адбываліся тады, калі бібліятэчная цішыня парушалася радасным “Гэта мы, сто сорак пятая!..” 154-я, 160-я, 209-я, 67-я, 61-я гімназія… Нашы пастаянныя наведвальнікі, даражэнькія гарэзы, дапытлівыя чытачы на гэтым тыдні з дапамогай бібліятэкараў ператвараліся  не толькі ва ўважлівых слухачоў, але і ў таленавітых артыстаў.
       “Дзеці чытаюць Максіма Багдановіча” – паэтычная вечарына, якая на некаторы час сапраўды  аб’яднала дзяцей і дарослых пад “сузор’ем Максімавых вершаў”. Падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства стала плённым супрацоўніцтвам Людмілы Ільінічны Дуброўскай, загадчыцы сектара аддзела абслугоўвання Цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэкі,  настаўніц Савіцкай Рамуальды Адамаўны, Таратын Наталлі Анатольеўны і трыццаці (!) вучняў сярэдняй школы № 67.
       Гэта было сапраўднае свята паэзіі, на якім прысутінічалі настаўнікі, супрацоўнікі бібліятэкі, ганаровыя госці (сярод якіх – Раіса Іванаўна Баравікова). Але галоўнымі яго ўдзельнікамі, гледачамі і артыстамі сталі дзеці. Трыццаць вершаў, аб’яднаных па цыклах, гучалі са сцэны пад  музыку беларускіх і замежных кампазітараў. Трыццаць інтэрпрэтацый, трыццаць поглядаў, перажыванняў. Па-святочнаму ўрачыстыя, крыху усхваляваныя – трэба было бачыць гэтыя твары!
       Цішыня – і на сцэне ажываюць вобразы, створаныя Максімам. 

Вадзянік, лясун,  сапраўдная небяспечна-прыгожая чараўніца-русалка, вобраз якой неверагодна грацыёзна ўвасобіла Маргарыта Анцыферава.
Гулка адбіваючы крокі, пранеслася хвалюючая “Пагоня”, якую  непаўторна прачытаў Аляксей Шчара.
Асвятляючы шлях ўсім закаханым, дзіўна “заззяла” “Зорка Венера” ў выкананні Дзіяны Ачылавай і Таццяны Прус.
І раптам – на сцэне вечар. Не сучасны – вечар у гасцёўні Какуевых.  Ганна  іграе на піяніна. Побач да сцяны прытуліўся Максім – слухае, зачараваны…
А у нас юная піяністка Марыя Мігун натхнёна выконвае вальс Чайкоўскага і прэлюдыю Баха…
       Галоўная мэта – зрабіць для дзяцей незабыўнае свята – была дасягнута. 
Ці ўдалося стваральнікам літаратурна-музычнай імпрэзы “Святло яго душы” хаця б на некаторы час перанесці гледачоў у той час, калі жыў і пісаў Максім Багдановіч, ці не – судзіць, зразумела, самім дзецям. Але праўда тое, што імкнуліся не проста правесці юных чытачоў па старонках біяграфіі “чалавека незвычайнага таленту і лёсу”, а даць адчуць прыгажосць і надзвычайную музычнасць Максімавага верша, складанасць жыццёвага шляху і вечную прагу паветра Радзімы, бясконцую любоў да роднага краю.
       Як тут не прыгадаць: музыка. З глыбіні залы выходзяць (не, выплываюць!) шэсць прыгажунь – мары паэта.
Вершы ў  выкананні ўдзельніц “Літаратурнай гасцёўні”, вучаніц сярэдняй школы № 154 гучаць пранікнёна і радасна, разлятаюцца рэхам па зале, на нейкі момант завісаюць у паветры – і асядаюць ў памяці. Хацелася б верыць – надоўга. 
       А вось літаратурнае рандэву “Учора шчасце толькі глянула нясмела…” ніяк не хацела… завяршацца. Адгучалі апошнія шчымлівыя вершы і радкі з біяграфіі, адляцелі і растаялі ў паветры апошнія гукі музыкі, а дзеці не спяшаліся разыходзіцца.
       Можа быць, таму, што некалькі хвілін назад на іх вачах безнадзейна закаханы Максім зрабіў прызнанне сваёй мары і музе – Ганне Какуевай. Гэтыя вобразы так праўдзіва атрымаліся ў Таццяны Прус і Аляксандра Абрамава, удзельнікаў тэатральнай студыі “Зеркала”. 
Падарожжа “Па Максімавых мясцінах”, у якое разам з юнымі чытачамі пусціліся бібліятэкары аддзела абслугоўвання, дазволіла дзецям пабываць ў мясцінах, якія назаўсёды захавалі ў сабе частку Максімавай душы. Кожная зала – пэўны горад і пэўны перыяд жыцця паэта. Яркі аповед, насычаны цікавымі падрабязнасцямі жыцця, партрэты, ілюстрацыі – хто ведае, можа быць, менавіта гэта падарожжа падштурхне юных чытачоў калі-небудзь здзейсніць сапраўднае?.
.Ці часта мы задумваемся, колькі сардэчнай ўдзячнасці ў звычайным шчырым “дзякуем”? “Дзякуем” ад удзельнікаў святочных мерапрыемстваў стала самай прыемнай ўзнагародай арганізатарам. “Дзякуем! - гаварылі ў адказ супрацоўнікі бібліятэкі. – Дзякуем, таму што без вашага жадання, імкнення, зацікаўленасці і шчырасці ніколі б не атрымалася свята.”  “Дзякуем!” – гаварылі бібліятэкары і чытачы самаму рамантычнаму паэту Беларусі. Дзякуем за тое, што чыстае Ваша слова робіць чысцейшымі і нашы душы. Дзякуем за тое, што “усе мы разам ляцім да зор”.


Данелян Н.С.

бібліятэкар аддзела абслугоўвання

Комментариев нет:

Отправить комментарий