20 лютага ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М.Астроўскага прайшло
гучнае чытанне беларускіх народных казак пад назвай “Людзей слухай, а свой
розум май”. Сустрэча адбылася напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы (21.02).
Казкі прысутнічаюць у жыцці кожнага чалавека з дзяцінства. Казка – гэта не
проста забава. У ёй хаваюцца назапашаныя стагоддзямі і пакаленнямі веды. Гэта
пасланне нашчадкам пра тое, як жыць, любіць, сябраваць, дзейнічаць у складаных
сітуацыях, як будаваць сям’ю, адносіны паміж мужчынам і жанчынай, паміж
бацькамі і дзецьмі. У той момант, калі дзіця слухае казку, у глыбіні яго душы
адбываюцца пераўтварэнні. Казка не проста настаўнік, яна добры лекар, які
дапаможа перажыць гора, смутак, трывогу.
У цудоўных казках нашага народа – жыццёвая мудрасць і духоўныя каштоўнасці,
уласцівыя менавіта беларускім людзям. Беларускія казкі павучаюць, падказваюць,
перасцерагаюць, развіваюць увагу, памяць, мысленне. Іх карысна ўводзіць у жыццё
дзіцяці ў любы час.
На сустрэчы з вучнямі мінскай школы №67 мы засяродзілі ўвагу менавіта на
казкі пра жывёл – сапраўднае багацце беларускага фальклору, дзе кожны персанаж
мае характар чалавека. Хлопчыкі і дзяўчынкі адразу зразумелі, хто добры, а хто
злы і хітры. Для чытання і абмеркавання наўмысна ўзялі кароткія, з простым
сюжэтам, невялікай колькасцю персанажаў, дзе выразна супрацьпастаўляюцца дабро
і зло. Чытанне трох казак суправаджалася тэатральнымі элементамі і гульнёй з
цацкамі. Казачная віктарына праверыла памяць школьнікаў. Падарункі атрымалі
самыя ўважлівыя.
Казка – адзін з тых колераў вясёлкі, які робіць дзіцячы свет больш цёплым і
сардэчным. Чытайце беларускія народныя казкі!
Са святам роднай мовы!
Комментариев нет:
Отправить комментарий